Пачалася рэалiзацыя iнiцыятывы «Ратуйма супергрызуноў!» (ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»)

У Беларусі шукаюць дзікіх хамякоў, суслікаў і палятух

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) распачала экалагічную ініцыятыву па захаванні рэліктавай тэрыафаўны Беларусі, якой пагражае знікненне.

 

Спецыялісты шукаюць калоніі рабых суслікаў і звычайных хамякоў, а таксама месцы жыцця палятух у межах ініцыятывы “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!” праекта “Экаманіторынг”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды.

Асноўная мэта праекта – знайсці і захаваць рэдкія віды грызуноў Беларусі і іх месцы жыцця. Рабы суслік і хамяк – стэпавыя віды, якія ў Беларусі заўсёды жылі побач с сельскагаспадарчымі палеткамі, палятуха – гэта індыкатар натуральных і малапарушаных экасістэм. Усе яны – у Чырвонай кнізе Беларусі. Праз скрытны лад жыцця знайсці іх нялёгка. З дапамогай грамадзян і сучасных прыбораў для пошуку спецыялісты спадзяюцца знайсці новыя месцы, населеныя гэтымі відамі.

Рабы суслік жыў калоніямі ў норках на сухіх лугах цэнтральнай Беларусі, актыўны днём. Яго колькасць з 1960 года скарацілася на 98 %.

Хамякі жылі на ўскрайках палёў на паўднёвым захадзе краіны, сустракаліся і на паўднёвым усходзе. Цяперашні стан папуляцый невядомы. Узімку суслікі і хамякі кладуцца ў спячку. Галоўныя пагрозы гэтым відам у Беларусі, калі яны яшчэ засталіся, – пашырэнне сельскагаспадарчых палёў, знішчэнне нор і пасадка лесу ў месцах іх жыцця.

Палятуха – начны лясны звярок, які лічыўся пасля 1996 года зніклым на тэрыторыі Беларусі, пакуль не быў зноўку знойдзены ў 2017 годзе спецыялістамі АПБ. Пакуль вядома толькі некалькі тэрыторый на паўночным усходзе краіны, дзе жыве палятуха. Для яе галоўная пагроза – суцэльныя высечкі ў стараўзроставых лясах, фрагментацыя лясоў, высечка дуплістых дрэваў.

Сямён Левы, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях:

На сённяшні дзень мы зусім мала ведаем пра сучасны распаўсюд вавёркі-палятухі, звычайнага хамяка і рабога сусліка ў Беларусі. Ініцыятыва дазволіць сабраць дадзеныя і тым самым дазволіць прыняць меры па захаванні гэтых грызуноў, якія аказаліся на мяжы знікнення. Падчас ініцыятывы мы зробім апрабацыю сучаснай апаратуры для пошуку і маніторынгу грызуноў. Усе яны вядуць ўтойлівы лад жыцця, а палятуха і хамяк актыўныя на змярканні і ноччу. Але мы спадзяемся, што людзі якія ведаюць, дзе яшчэ засталіся калоніі суслікаў і хамякоў, паведамяць нам, і апошні іх прытулак будзе ўратаваны. Калісьці яны лічыліся шкоднікамі сельскай гападаркі, але цяпер гаворка ідзе аб выжыванні нашых грызуноў-супергерояў. Трэба іх выратаваць.

 

Даведка. Ініцыятыва “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!” ажыццяўляецца АПБ у партнёрстве з Гарадоцкім лясгасам, Эколага-краязнаўчым грамадскім аб’яднаннем “Неруш” і Навукова-практычным цэнтрам НАН Беларусі па біярэсурсах.

 

Кантактная асоба — Сямён Левы, 8 (029) 101-68-87, levy@ptushki.org

Спампаваць фота супергрызуноў адным архівам: http://ptushki.org/wp-content/uploads/Superhryzuny.zip

 

 

 

 

 

 

 

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі «BirdLife International», у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны. АПБ — гэта больш за 2500 сябраў і валанцёраў і больш за 30000 прыхільнікаў, 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!

Кантакты арганізацыі: г. Мінск, вул. Парніковaя 11, офіс 4.

(+375 17) 369 76 13, (+375 29) 223 06 13, (+375 29) 101 68 87

info@ptushki.org